АМУДАР’І́НСКІ СКАРБ.
Знойдзены ў 1877 на гарадзішчы Тахці-Кувад у вярхоўях р. Амудар’я на Пд Таджыкістана. Датуецца 5—4 ст. да н.э. Захавалася 178 залатых і сярэбраных прадметаў: аб’ёмныя фігуркі, посуд, рэльефныя рэчы, пласцінкі з адціснутымі выявамі, пярсцёнкі і пячаткі, бранзалеты, дробныя ўпрыгожанні, манета Ахеменідаў. Большасць рэчаў зроблена майстрамі Ахеменідскай дзяржавы і Бактрыі. Асобныя рэчы адлюстроўваюць традыцыі мідыйскага мастацтва, звярынага стылю стэпавых плямёнаў Еўразіі. Захоўваецца ў Брытанскім музеі і Музеі Вікторыі і Альберта ў Лондане.
т. 1, с. 325
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)